Свята Ахвяравання Пана і дзень кансэкраванага жыцця

Пятніца, 02 Люты 2018 17:03 Аўтар 

"Вось наш Пан прыйдзе ў сіле і асветліць вочы сваіх слугаў. Аллелюя!"

"Дарагія браты і сёстры,- звярнуўся да прысутных а. Канстанцін ва ўступным слове, сорак дзён таму мы з радасцю святкавалі нараджэнне Хрыста Пана. Сёння мы ўспамінаем дзень, калі Панна Марыя і святы Юзаф прынеслі дзіцятка Езуса ў святыню, каб там скласці належную ахвяру. Такім чынам Пан Езус не толькі выканаў прадпісанне Закона Старога Запавету, але сустрэўся са сваім народам, які яго з вераю чакаў. Сімяон і Ганна прышлі ў святыню, натхнёныя Святым Духам. Ён асвяціў іх, каб у маленькім дзіцяці змаглі пазнаць Хрыста і з радасцю вызнаваць веру ў яго.

Таксама і мы, сабраныя Духам Святым, разам пойдзем да Божага дому, каб сустрэцца з Хрыстом. Мы Яго знойдзем і пазнаем у ламанні хлеба. А калі Ён прыйдзе ў хвале, будзем вечна радавацца Яго прысутнасці". - Гэтымі словамі пачаў св. Імшу а. Канстанцін і паблагаславіў прынесеныя свечкі, якія запалілі вернікі.

Грамніцы (Стрэчанне) — у беларускім народным календары свята ачышчэння з дапамогай агню. Яго адметнасць - асаблівы чын асвячэння стрэчанскіх свечак, якія ў народзе называюць грамнічнымі (з Вікіпедыі). У хрысціянстве з'явіўся ў VI ст. на тэрыторыі Рымскай імперыі і трактуецца як своеасаблівая повязь Старога Запавету з Новым. Усталяваны ў памяць аб сустрэчы (царкоўна-слав. — «стрэчанні») немаўляці Езуса Хрыста (носьбіта Новага Запавету) з прадстаўнікамі Старога Запавету старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай у Ерузалемскім храме.

Грамнічнымі свечкамі вернікі карыстаюцца як засцярогай пры прыняцці нованароджанага, у вясельных і пахавальных абрадах. Усе ведаюць, як людзі іх выкарыстоўваюць. "Але не свечка нас аберагае, а малітва і давер Богу" - адзначыў а. Канстанцін МІС. "І запальваць грамнічную свечку трэба не толькі, калі прыходзяць прыродныя катаклізмы, але калі часамі ў адносінах паміж людзьмі не ўсё ў парадку. Канфлікты ў сем'ях, у іншых сферах жыцця, брыдкаслоўе, хамства разбураюць нашыя душы. А гэта нашмат больш небяспечна. Святло свечкі вельмі далікатнае і яго можна лёгка згасіць, але моц малітвы, ў якой мы з даверам просім Бога аб выратаванні, цяжка пераацаніць. Бог дае нам надзею, што з дапамогай святла Хрыста людзі змогуць знайсці дарогу да Вечнасці"

 

Прачытана 149 раз Апошняе змяненне Нядзеля, 18 Люты 2018 19:54