Рараты ў час Адвэнту

Субота, 09 Снежань 2017 12:27 Аўтар 

Шэсць гадзін раніцы. У гэты ранні час у касцёле збіраюцца дзясяткі вернікаў: гэта не толькі бабулі, але і працуючыя парафіяне. Таксама студэнты, школьнікі, што прыходзяць перад пачаткам працоўнага дня пакланіцца Панне Марыі і асвяціць свае сённяшнія справы.

- Адвэнт - гэта час, калі Касцёл асабліва чувае ў чаканні прыходу Месіі. Духоўна вучымся перажываць Яго трэцяе прыйсце - паміж першым і другім: у Слове, у сакрамэнтах і ў нашай штодзённай гісторыі. Таму запрашаю да больш актыўнага літургічнага жыцця. Прыходзьце на Рараты, каб абудзіць у сабе дух чакання і сілкаваць сваё сэрца Словам і Нябеснай ежай - Святой камуніяй. Наша Айчына не тут - яна на Нябёсах! - заклікае вернікаў святар.

Раратнія святыя імшы праходзяць на ўзыходзе сонца, у панядзелак і сераду ў 6.15, у сераду і пятніцу ў 18.00. Чаканне ўзыходу сімвалізуе чаканне прыйсця Хрыста. Рараты пачынаюцца ў змроку, кожны вернік трымае запаленую свечку, а падчас гімна «Хвала на вышынях Богу» ў касцёле запальваюць святло.

Яшчэ адна асаблівасць Раратніх імшаў - свечка, якая стаіць ля алтара і сімвалізуе Найсвяцейшую Панну. Яна нібы світанак абвясціла ўзыход Сонца Праўды - Езуса Хрыста.

А сваю назву імша атрымала ад першага радка песні на латыні, якая спяваецца на ўваход святара: «Rorate coeli desuper» - «Крапеце, нябёсы, згары».

 

Прачытана 292 раз Апошняе змяненне Панядзелак, 25 Снежань 2017 21:56