Шаноўны госць з Фацімы ў нашым санктуарыі

Нядзеля, 01 Кастрычнік 2017 18:19 Аўтар 

Тым, хто цікавіцца грамадскім жыццём краіны, напэўна вядома, што сёння Беларусь прымае Раду Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ). Госці з розных краін знаёмяцца з нашымі парафіямі, прымаюць удзел у розных мерапрыемствах, набажэнствах, сустракаюцца з уладамі краіны, кіраўнікамі іншых канфесій і г.д.

Сёння, 1 кастрычніка, наша парафія сустракала арцыбіскупа з Партугаліі. З вялікай цікавасцю і ўвагай вернікі выслухалі Божае Слова, з якім звярнуўся да нас Яго Эксцэленцыя Virgilio Do Nascimento Antunes, Арцыбіскуп  Коімбры (Партугалія) падчас Святой Імшы, якую ён узначаліў:

"Дарагія браты і сёстры!

Хоць мы паходзім з далёкіх краін і належым да вельмі розных культур, нас аб’ядноўвае вера ў Езуса Хрыста, якога мы вызнаём  нашым Госпадам, на хвалу Бога Айца.

У гэтай Літургіі ўжо здзяйсняюцца словы Святога Паўла да Філіпянаў, а менавіта, яго жаданне бачыць вернікаў, злучаных адным духам, адной любоўю, з адной душой і адным сэрцам.

Сабраўшыся разам у Імя аднаго Бога, мы дапаўняем радасць Апостала (пар. Філ 2, 2), спрыяем радасці Бога, які бачыць сваіх дзяцей злучанымі ў еднасці і ў любові, мы павялічваем радасць Касцёла – Божага народа, які адчувае сябе ўмацаваным у любові, мы абвяшчаем пяшчоту і міласэрнасць – дары Святога Духа Суцяшальніка.

Дзякуем Богу за веру, якую мы атрымалі са старажытных часоў, і за гэтую магчымасць разам удзельнічаць сёння ў цэлебрацыі Эўхарыстыі.

Я вельмі рады быць сярод вас, убачыць сведчанне вашай веры і адчуваць, што, хоць мы і не ведаем адзін аднаго, аднак, мы – сапраўдныя браты, адроджаныя да Новага Жыцця з вады таго самага Хросту.

Дзякуем Богу за тое, што Ён вядзе нас тым самым Словам і сілкуе тым самым Хлебам, што ўсе мы – частка аднаго і таго ж Цела і разам ідзём у дом Айца, як вучні аднаго і таго ж Пана Езуса Хрыста.

Сённяшнія чытанні – гэта гімн справядлівасці і міласэрнасці Бога. Гэтыя дзве рэчаіснасці з аднаго боку – непадзельныя, а з другога – цяжкія для зразумення. Вера абвяшчае , што Бог – справядлівы і міласэрны ва ўсіх сваіх справах. Жыццёвы ж вопыт чалавека, адзначаны несправядлівасцю, грахом і смерцю, прымушае нас шмат разоў усклікаць: “Ці справядліва Бог да нас адносіцца?”

Той, хто глядзіць на жыццё і на ўсё, што яго складае, асабліва на драматычныя сітуацыі, зямнымі вачамі, вачамі гэтага свету, той сутыкаецца са спакусай прыпісаць Богу адказнасць за свае пакуты і перажывае, як яму здаецца, адсутнасць сэнсу ў жыцці.

А той, хто глядзіць на жыццё вачамі веры і Божай міласэрнасці, можа, і не разумее ўсяго, але прызнае Божую дабрыню і любоў, адкрываецца на шлях навяртання, адмаўляецца ад зла і з даверам аддае сябе ў рукі Айца.

Бог – справядлівы і ўсё тое, кім мы ёсць і што мы маем – гэта плод Яго Ласкі. Бог – міласэрны, таму што, калі па прычыне нашых грахоў мы зусім гінем, Ён прыходзіць нам  на дапамогу, вырывае нас з улады смерці і ратуе нашае жыццё.

Прызнаючы свае слабасці і памылкі, мы атрымліваем моц веры і можам усклікнуць, як псалміст: “Узгадай пра міласэрнасць сваю, Пане і пра ласку сваю, бо яны спрадвеку.  Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, бо ...... на Цябе спадзяюся.” (пар. Пс 25(24), 5-6)

Перад тварам чалавечых трагедый, хваляванняў, сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай несправядлівасці, уціску свабоды, недахопу любові, што асабліва раніць безабаронных людзей, Бог заўсёды адкрывае дзверы прабачэння, паяднання, справядлівасці і міласэрнасці.

Няма нічога большага за Яго Любоў! Ён не забывае і не пакідае нікога на пагібель. “Калі грэшнік адвернецца ад граху свайго, які чыніў, і будзе здзяйсняць правасуддзе і справядлівасць, ...... жыць будзе і не памрэ. (пар. Езх 18, 27-28).

Людзі, сем’і, народы ва ўсіх кутках зямлі часта сустракаюцца з несправядлівасцю – плодам зла, якое нараджаецца ў сэрцы і адлюстроўваецца ў мностве праектаў, якія прыніжаюць і прыгнятаюць чалавека. Добрая Навіна Бога, багатага  міласэрнасцю, ахвяруе нам адзінае выйсце: прабачэнне, паяднанне і моц, каб аднавіць адносіны любові і еднасці.

Гэта тая Добрая Навіна, якую мы, хрысціяне, павінны абвяшчаць свету словам і прыкладам.

На запрашэнне ісці працаваць у вінаградніку, пра якое мы пачулі сёння ў Евангеллі паводле Мацвея, адзін з сыноў з вялікім энтузіязмам кажа: “Ужо іду, спадару!”. Можам сказаць, што гэтыя словы прамовіў чалавек, які мае веру, але не здольны ўцелавіць яе ў жыцці. Трэба прызнацца, што і наша вера слабая і часта з’яўляецца толькі прыгожымі словамі, але не праяўляецца ў справах.

У вуснах хрысціяніна, асвечанага дарам веры, словы: “Ужо іду, Пане!” павінны азначаць яго поўнае рашэнне ісці па шляху Езуса, які быў паслухмяны аж да смерці, і да смерці крыжовай, які жэстам любові дабравольна ахвяраваў сваё жыццё за братоў.

Для Езуса сказаць: ”Ужо іду, Пане” азначала тое самае, што словы : “Вось, Я іду, каб выканаць волю Тваю” . Паслухмяны волі Айца, сам сябе зрабіў нічым, прыняў постаць слугі, упакорыўся...

Для вучня – для мяне, для цябе – сказаць: “Ужо іду, Пане” азначае з любоўю прыняць Волю Айца, у моманты радасці і ў час цярпення, у моцы веры і ў хвілі няўпэўненасці. “Ужо іду, Пане!” – нават, калі не ўсё разумею, нават, са слабай верай, нават, калі цяжка прабачыць, нават, калі перажываю несправядлівасць, нават, калі не хапае любові.

“Ужо іду, Пане!” – з падтрымкай Тваёй ласкі, Тваёй міласэрнасці і з верай ў дапамогу Найсвяцейшай Панны Марыі, Тваёй і нашай Маці".

 

 

Прачытана 874 раз Апошняе змяненне Нядзеля, 05 Лістапад 2017 13:51