Урачыстасць Спаслання Духа Святога

Нядзеля, 04 Чэрвень 2017 19:40 Аўтар  Фота Анны Журко

Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша КАНДРУСЕВІЧА, мітрапаліта Мінска-Магілёўскага

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1.    Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, вельмі добра вядомую нам як урачыстасць Пяцідзясятніцы. Слова «пяцідзясятніца» паходзіць ад лічбы 50 і таму гэтае свята адзначаецца на 50-ты дзень пасля Пасхі.

У гэты дзень Святы Дух у вобразе вогненных языкоў сышоў на Марыю і апосталаў, якія разам трывалі на малітве ў Вячэрніку. Ён змяніў іх да непазнавальнасці. Апосталы з баязлівых мужчын пераўтварыліся ў мужных веснікаў укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста. Больш таго, людзі розных нацыянальнасцяў, да якіх яны прамаўлялі на плошчах Ерузалема, разумелі іх, як быццам яны прамаўлялі на іх родных мовах. У выніку многія прынялі хрост і сталі мужнымі сведкамі хрысціянства аж да мучаніцкай смерці.

2.    Святы Дух не завяршыў сваё дзеянне ў дзень Пяцідзясятніцы. Ён працягвае сваю дзейнасць і кіруе Касцёлам як у часы яго росквіту, так і ў часы ганенняў. Святы Дух умацоўвае вернікаў праз сем сваіх дароў, чыніць іх сваімі жывымі святынямі і дапамагае быць сведкамі Хрыста ў сучасным бездухоўным свеце.

Аднак, каб гэта ўсё здзяйснялася, мы павінны дазволіць Святому Духу праявіцца ў нашым жыцці. Для гэтага нельга заставацца пасіўнымі ў адносінах да Яго, думаючы, што Ён усё здзейсніць аўтаматычна. Каб свежае паветра напоўніла наш пакой, неабходна адкрыць вокны. Падобна і каб подых Святога Духа быў адчувальны ў нашым жыцці, неабходна адкрыць вокны нашай душы на Яго дзеянне.

3.    Адна гісторыя распавядае пра тое, як жанчына пыласосам чысціла клетку папугая. У іншым пакоі зазваніў тэлефон, яна пабегла туды, падняла трубку, паразмаўляла, а калі вярнулася да клеткі, то папугая ў ёй ужо не было. Ён знаходзіўся сярод смецця ў пыласосе. Жанчына схапіла запыленага і перапужанага да смерці папугая, панесла яго ў ванную, памыла халоднай вадой і высушыла фенам. Праз некаторы час знаёмыя прыйшлі да яе і здзівіліся, бо не пачулі голасу папугая. Што з ім, яны спыталіся? Папугай больш не размаўляе, ён толькі сядзіць і глядзіць, адказала жанчына. Такімі былі наступствы гэтага здарэння.

4.    Сённяшняе Евангелле распавядае пра тое, што здарылася з апосталамі. Яны былі траўмаваны арыштам і ўкрыжаваннем Езуса, а таксама збянтэжаны фактам Яго Змёртвыхпаўстання і загадам падрыхтавацца да Спаслання Духа Святога.

Многія з нас могуць ідэнтыфікаваць сябе з няшчасным папугаем і апосталамі. Жыццё, як пыласос, зацягвае нас у балота бязвер’я і амаральнасці, кідае пад халодны душ і выкідвае прэч на перыферыю. У такой жыццёвай траўме мы часта страчваем свой хрысціянскі голас. Таму мы маем патрэбу ў дапамозе Святога Духа, каб заставацца здольнымі быць голасам хрысціянскага сведчання ў нашым жыцці.

Мы добра ведаем, што музыка заахвочвае танцаваць нават старога і хворага чалавека. Яе вялікая сіла — гэта як быццам новы подых, які дапамагае ў складаных сітуацыях. Падобна музыцы, Святы Дух напаўняе нас новай энергіяй.

5.    Бог аб’яднаў нас у касцёльную супольнасць, дзякуючы якой мы атрымліваем Яго жыццё і нясём Яго ў свет. Аднак мы можам гэта чыніць толькі дзякуючы дзеянню Духа Святога, які напаўняе Касцёл боскім подыхам. Подых Святога Духа распачаўся ў дзень Пяцідзясятніцы і працягваецца, каб мы былі здольнымі да сапраўднага хрысціянскага жыцця і місіі абвяшчэння Евангелля ўсім народам, з мэтай акунуць усё чалавецтва ў музыку Божай любові.

Вядома, што без дыхання няма жыцця. Таксама і без Святога Духа Касцёл перамяняецца ў сухое поле. Таму, на жаль, хоць мы і з’яўляемся выбраным народам, аднак вельмі часта народам замарожаным — як у нашым духоўным жыцці, так і ў адносінах з бліжнімі. Сёння акурат добрая нагода, каб абудзіць у нас дух новага жыцця і энтузіязму, дух агня Божай любові.

6.    Стары жабрак перад сваёй смерцю кажа сыну, што ўся спадчына, якую ён яму перадасць, — гэта бавоўнавы мяшок і брудная бронзавая чара. Пасля смерці бацькі хлапец пачаў жабраваць. Аднойчы гандляр золатам кінуў манету ў чару маладога жабрака і быў здзіўлены добра знаёмым яму гукам металу. Дазволь мне паглядзець на тваю чару, папрасіў ён жабрака. Са здзіўленнем гандляр убачыў, што яна зроблена з чыстага золата.

Малады чалавек, чаму ты, будучы багатым, жабруеш, спытаў гандляр?

Мы, хрысціяне, часта падобныя да гэтага жабрака, які не ведаў, як распазнаць каштоўнасць сваёй чары. Мы няздольныя ацаніць бясконцую каштоўнасць Святога Духа, які жыве ўнутры кожнага з нас, дзелячыся з намі сваімі дарамі, пладамі і харызмамі. А мы павінны гэта зрабіць, бо ў сакрамэнце хросту сталі святынямі Духа Святога!

7.    Сёння Касцёл запрашае нас выпрабаваць і ацаніць перамяняючую, асвячаючую і ўмацоўваючую прысутнасць Духа Святога, які ў патрэбны час прыходзіць з дапамогай.

Са славутым італьянскім скрыпачом Нікола Паганіні здарылася адна незвычайная гісторыя. Падчас канцэрта ў славутай Парыжскай канцэртнай зале тысячы фанатаў чакалі выступлення сусветнай зоркі. Падчас канцэрта ўсе вельмі ўважліва слухалі музыку славутага артыста. Але здарылася непрадбачанае — нечакана лопнула адна струна скрыпкі. Што зрабіў Паганіні? Нічога, ён працягваў іграць на трох струнах, так, што ніхто нічога не заўважыў. Потым лопнула другая струн, праз хвіліну — трэцяя. Зала не верыла сваім вачам: як такое магло здарыцца? Што зробіць Паганіні? Многія думалі: перапросіць і выйдзе? Не. Паганіні ўскінуў рукі ўверх і сказаў: «Спадарыні і спадары! Цяпер вы будзеце слухаць музыку Паганіні на адной струне».  

Музыка, якая прагучала пасля гэтага, літаральна прымусіла стрымаць дыханне кожнага ўдзельніка канцэрта, бо выступ быў бездакорным, хоць і на адной струне! Вось што можа зрабіць непараўнальны дотык рукі майстра.

Гэтая экстраардынарная гісторыя дакладна апісвае асаблівую і цудоўную ролю Духа Святога ў нашым асабістым жыцці. Дазволім Яму — гэтаму Вялікаму Маэстра — іграць на струне нашай душы, каб здабываць з яе прыгожую музыку боскай любові і перамены нашых сэрцаў. Амэн.

Прачытана 462 раз Апошняе змяненне Нядзеля, 04 Чэрвень 2017 23:02