100 год Фацімскім аб'яўленням Маці Божай

Аўторак, 02 Май 2017 12:34 Аўтар 

 

2017 год - юбілейны. 13 мая хрысціяне ўсяго свету адзначаюць 100-годдзе аб'яўленняў Найсвяцейшай Панны Марыі непадалёку Фацімы, невялікага мястэчка Партугаліі. Рыхтуюцца да святочных набажэнстваў усе, але найбольш тыя парафіі, якія носяць імя Маці Божай Фацімскай. Зноў і зноў разважаем над фацімскімі пасланнямі Маці Божай. Магчыма мы не ў лепшым стане, можа не ўсё сёння было так, як мы хацелі, аднак, напэўна, Маці Божая радуецца нашаму імкненню і нашай прысутнасці, радуецца нашай стараннасці. Нават, калі нашыя знаёмыя і блізкія не разумеюць нашых высілкаў, не заўважаюць нашай добрай волі, нават, калі мы лічым, што да нас няправільна адносяцца, мы можам быць упэўненымі, што Дух Святы пранікае ў наша сэрца, ведае, што гэта нам патрэбна, дапаўняе нашу малітву і нашыя недахопы.

Мы штодзённа занятыя сваімі справамі, у нас шмат абавязкаў, але кожны з нас, хоць раз у дзень, хоць на хвілінку, заглядае да розных штодзённых навінаў. Потым мы іх каментуем, яны нас радуюць, забаўляюць або непакояць, мы іх пераказваем знаёмым і гэдак далей. Ці сярод навінаў і інфармацыі, якія трапляюць нам кожнага ранку, мы заўважаем Фацімскае Пасланне? Але менавіта гэта самая важная навіна для нас. Перш за ўсё яна можа фармаваць і суцяшаць нашыя сэрцы. Гэта пасланне поўнае радасці і абяцанняў збаўлення – шчодры Бог ахвяруе нам сваё чулае Сэрца, поўнае міласэрнасці, слодычы, дабрыні. Маці Божая ў Фаціме нагадвае нам пра тое, што для нас найважнешае і адкрывае нам таямніцу свайго Найчысцейшага Сэрца, каб весці нас да еднасці з Хрыстом. Вось самая актуальная, самая важная навіна для нас кожнага дня. Прачыстая Маці не толькі запрашае нас да сябе, але паказвае дарогу, по якой трэба ісці. А таксама просты і знаёмы ўсім сродак - штодзённы Ружанец.

Набажэнства першых суботаў месяца – перапрашэннe Беззаганнага Сэрца Марыі

Падчас аб’яўленняў у Фаціме Маці Божая паабяцала тым, хто будзе перапрашаць Яе Беззаганнае Сэрца ў першыя суботы, што Яна будзе прысутнічаць у хвіліну іх смерці «разам з усімі ласкамі, патрэбнымі для збаўлення».

Святы Айцец Ян Павел ІІ сказаў: “Хрысціянства – гэта рэлігія супрацоўніцтва чалавека з Богам”. Сапраўды, у Фаціме Найсвяцейшая Маці абвясціла, што ад нашага сённяшняга ўдзелу залежыць час і форма Яе будучай перамогі. Мы ж становімся ўдзельнікамі гэтай перамогі і – увага! – сустваральнікамі лепшых часоў! Ці ж ня варта хвілінку штодзённа папрацаваць на гэты надзвычайны гонар?

Няма сумневу, што мы жывем у пераломным моманце гісторыі. Яго выключнасць не звязана з ніводным палітычным, гаспадарчым ці культурным вымярэннем, а з абяцаннем Маці Божай Фацімскай, што “Яе Беззаганнае Сэрца пераможа”!

Калі гэта адбудзецца? Мы гэтага не ведаем дакладна, але кожны дзень набліжае гэтую запісаную ў небе дату, і кожны, нават найменшы водгук на заклік Марыі да навяртання, пакуты і малітвы набліжае гэты момант да нашых дзён. Мы самі можам пераканацца, што набажэнства першых суботаў з’яўляецца першасуботнім удзелам у надыходзячай перамозе! Удзелам практыкуючых набажэнства у падзеі, якая ў грамадскім вымярэнні павінна адбыцца толькі ў невызначанай будучыні. Такім чынам яно ўжо ў нас. І мы пачынаем разумець, чаму набажэнства першых суботаў заклікае надыход трыумфу Беззаганнага Сэрца Марыі, прыносіць гэтую перамогу да нас, кліча яе надыход!

Прачытана 337 раз Апошняе змяненне Чацвер, 04 Май 2017 08:43