Раратняя Імша. Рэкалекцыі.

Субота, 10 Снежань 2016 13:28 Аўтар 

"Хто з вас кожны дзень глядзіць тэлевізар? А якія гэта перадачы? Серыялы? Але часцей за ўсё - навіны?" - з гэтых пытанняў пачаў размову з прысутнымі ксёндз-рэкалекцыяніст Андрэй Сідаровіч МІС, які завітаў да нас з Росіцы.

І выявілася, што многія ўвогуле не глядзяць тэлевізар. Адказ такі: няма чаго глядзець. Альбо мала чаго. Узнікае пытанне: можа дрэнна працуюць рэжысёры дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі? Але гэта асобнае пытанне і патрабуе асобнай дыскусіі.

Камерцыйнае тэлебачанне сёння разлічана на простага сярэднестатыстычнага гледача, якому цікавыя крымінальныя навіны, эстрадныя канцэрты, серыялы, палітычныя ток-шоу і г.д. Менавіта ў такіх перадач самы вялікі рэйтынг, а значыць рэкламу ўбачыць вялікая аўдыторыя. 

"Сёння вельмі важна, якія пачуцці выклікае ў чалавека тая інфармацыя, якую ён успрымае. Крымінальныя навіны, серыялы пра бандытаў, рэпартажы з "гарачых" мясцін, альбо пра стыхійныя бедствы часцей за ўсё пасяляюць у сэрцы чалавека трывогу, жорсткасць, варожасць да іншых рас і нацыянальнасцей. Таму мы можам вельмі часта чуць, як у бытавых размовах людзі ўжываюць такія словы, як "чурка", "чорны", "жыд", "хачык" і іншыя. Гэта азначае, што мы з вамі вось тут стаім разам, молімся адной і той жа малітвай да Хрыста, ў якога разам верым. Адначасова мы гатовы ісці ваяваць са зброяй у руках за свае каштоўнасці з іншымі людзьмі, якіх мы лічым ворагамі.

Час падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння - гэта час рахунку сумлення, далейшай працы над сабой. Успомнім, што чалавек - вобраз Божы. І таму ў Святым Пісанні мы бачым дзве галоўных запаведзі - любоў да Бога і любоў да бліжняга. Калі ты не любіш Бога, то ніколі да Яго не прыйдзеш, але немагчыма дасягнуць любові да Бога, грэбуючы бліжнім. Любоў да бліжняга - наглядная праверка нашага хрысціянскага жыцця.

Наглядным прыкладам для кожнага чалавека служыць жыццё і мучаніцкая смерць благаслаўлёных Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры з Росіцы.

У сярэдзіне лютага 1943 г. у друйскім кляштары закватэраваў нямецкі штаб, а ў Росіцы і яе ваколіцах з’явіліся аддзелы карнай экспедыцыі. Нягледзячы на папярэджанні, святары вырашылі застацца з людзьмі. Карная акцыя пачалася 16 лютага 1943 г. Айцы Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра добраахвотна разам з людзьмі знаходзіліся ў касцёле і падрыхтоўвалі іх на смерць. На наступны дзень частка людзей была вывезена ў драўляныя будынкі і жыўцом спаленыя. Сярод іх быў і а. Ляшчэвіч. А назаўтра такі самы лёс напаткаў і а.Кашыру. Абодва яны добра ўсведамлялі магчымасць гэткага канца. Усведамлялі, што сапраўдная блізкасць вызначаецца не катэгорыямі сваяцтва, сумеснага пражывання ці нават веравызнання, а перш за ўсё бескарыслівай і шчырай любоўю да іншага чалавека.

Прачытана 715 раз Апошняе змяненне Нядзеля, 25 Снежань 2016 16:05