Ружанец

Цудоўнае аб'яўленне фігуркі Маці Божай на свечцы пад час малітвы на Ружанцы

(на лаціне rosarium – ружавы кветнік) – пэўны спосаб малітвы, паслядоўнасць якой адлічваецца, нібы па пялёстках ружы, што разгортваецца ярусамі па пяць малітваў у кожным. Малітва гэта спалучаная з роздумам пра падзеі з жыцця Езуса і Панны Марыі, што ўтвараюць чатыры часткі Ружанца – радасныя таямніцы, балесныя таямніцы, таямніцы святла і хвалебныя. Сам спосаб малітвы прыйшоў з хрысціянскага Усходу, дзе з’явіўся прыкладна ў ІІІ ст. Кожная асобная малітва (паклон) адзначалася вузельчыкам на вяроўцы. Праз пяць стагоддзяў ён прыйшоў на Захад, дзе атрымаў лацінскую назву Pater noster (ад першых словаў малітвы Ойча наш, адсюль і беларускія «пацеркі»). Сучасная форма Ружанца ўсталявалася ў 1470-х гадах праз дамініканаў Алана дэ Рупэ і Якуба Шпрэнгера і была ўпершыню надрукаваная ў 1481 г. У 1520 г. яна была асвечаная папам Львом Х і названая Ружанцам Найсвяцейшай Панны Марыі.

Актуальнасць ружанцовай малітвы для нашага часу падкрэсліў папа Ян Павел ІІ. У 2002 г. Святы Айцец выдаў Апостальскі ліст Rosarium Virginis Mariae, у якім запрасіў нанава адкрыць Ружанец і дапоўніў яго новаю часткаю – таямніцамі святла, прысвечанымі публічнай дзейнасці Хрыста.

Ружанец – «вянок ружаў» – нібы з найлепшых кветак сплецены з найдаражэйшых малітваў: Ойча наш, якой навучыў нас сам Пан Езус, і Вітай, Марыя, якою віталі Марыю Божы пасланец арханёл Габрыэль і святая Альжбета, маці Яна Хрысціцеля.

Ружанцам завецца таксама нітка асаблівым чынам змацаваных пацерак (драўляных, касцяных, бурштынавых і інш.), дзе кожнаю пацеркаю адзначаецца асобная малітва.

(Падрабязней пра малітву на Ружанцы на старонцы www.catholic.by)

На здымку - Цудоўнае  і паўторнае з'яўленне фігуркі Маці Божай на свечцы пад час малітвы на Ружанцы 

Прачытана 4130 раз